Скачать этот документ в pdf


Зарегистрировано в Национальном реестре правовых актов
Республики Беларусь 29 декабря 2012 г. N 6/1261

РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
26 снежня 2012 г. N Р-789/2012
АБ АДПАВЕДНАСЦI КАНСТЫТУЦЫI РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ ЗАКОНА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ "АБ ВЫДАВЕЦКАЙ СПРАВЕ Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ"
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага - Старшынi Канстытуцыйнага Суда Мiклашэвiча П.П., намеснiка Старшынi Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановiча Т.В., Данiлюка С.Я., Iзоткi У.П., Козыравай Л.Р., Марыскiна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цiкавенкi А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 i пункта 3 Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. N 14 "О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь"
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб выдавецкай справе ў Рэспублiцы Беларусь".
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Iзотку У.П., прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь (далей - Канстытуцыя), Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб выдавецкай справе ў Рэспублiцы Беларусь" i iншых заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь устанавiў:
Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб выдавецкай справе ў Рэспублiцы Беларусь" (далей - Закон) прыняты Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь 17 снежня 2012 г., адобраны Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь 20 снежня 2012 г. i прадстаўлены Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь на подпiс.
У Законе вызначаюцца напрамкi дзяржаўнай палiтыкi i кампетэнцыя дзяржаўных органаў у сферы выдавецкай справы, асноўныя прынцыпы, мэты i задачы выдавецкай справы, правы i абавязкi выдаўцоў, вытворцаў i распаўсюджвальнiкаў друкаваных выданняў, парадак iх дзяржаўнай рэгiстрацыi, а таксама адказнасць за парушэнне заканадаўства аб выдавецкай справе.
Пры праверцы канстытуцыйнасцi Закона Канстытуцыйны Суд зыходзiць з наступнага.
1. У адпаведнасцi з Канстытуцыяй чалавек, яго правы, свабоды i гарантыi iх рэалiзацыi з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю i мэтай грамадства i дзяржавы (частка першая артыкула 2); дзяржава гарантуе правы i свабоды грамадзян Беларусi, замацаваныя ў Канстытуцыi, законах i прадугледжаныя мiжнароднымi абавязацельствамi дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21).
Згодна з Канстытуцыяй дзяржава надае ўсiм роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi, акрамя забароненай законам, i гарантуе роўную абарону i роўныя ўмовы для развiцця ўсiх форм уласнасцi; дзяржава гарантуе ўсiм роўныя магчымасцi свабоднага выкарыстання здольнасцей i маёмасцi для прадпрымальнiцкай i iншай не забароненай законам эканамiчнай дзейнасцi (часткi другая i чацвёртая артыкула 13).
У Законе ўстанаўлiваецца, што дзяржаўная палiтыка ў сферы выдавецкай справы накiравана на развiццё i падтрымку нацыянальнага кнiгавыдання i пашырэнне рынкаў збыту друкаваных выданняў, развiццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства, стварэнне ўмоў для прыцягнення iнвестыцый (артыкул 4); прадугледжваецца, што Прэзiдэнт вызначае ўмовы i парадак аказання дзяржаўнай i iншай падтрымкi выдаўцам, вытворцам i распаўсюджвальнiкам, у тым лiку шляхам прыняцця мер эканамiчнага стымулявання (артыкул 11), у сваю чаргу выдаўцы, вытворцы i распаўсюджвальнiкi друкаваных выданняў маюць права самастойна фармiраваць свае вытворчыя планы i вызначаць маштабы сваёй дзейнасцi (артыкул 17).
Прымаючы да ўвагi ўказаныя нормы, Канстытуцыйны Суд прыходзiць да вываду аб накiраванасцi Закона на стварэнне механiзмаў рэалiзацыi ў выдавецкай справе прыведзеных вышэй канстытуцыйных палажэнняў, што будзе садзейнiчаць забеспячэнню правоў i законных iнтарэсаў яе суб'ектаў.
2. Канстытуцыяй гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў i iх свабоднае выказванне (частка першая артыкула 33), а таксама права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскiх аб'яднанняў, аб палiтычным, эканамiчным, культурным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя (частка першая артыкула 34). Кожны мае права на ўдзел у культурным жыццi, што забяспечваецца ў тым лiку агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай i сусветнай культуры, якiя знаходзяцца ў дзяржаўных i грамадскiх фондах; дзяржава садзейнiчае развiццю культуры на карысць агульных iнтарэсаў (часткi першая i чацвёртая артыкула 51 Канстытуцыi).
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што прававое рэгуляванне, якое ўстанаўлiваецца Законам, улiчвае неабходнасць рэалiзацыi дадзеных канстытуцыйных прадпiсанняў у выдавецкай справе.
Так, у Законе ў якасцi аднаго з напрамкаў дзяржаўнай палiтыкi ў сферы выдавецкай справы замацоўваецца рэалiзацыя канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян у галiне атрымання i выкарыстання iнфармацыi (абзац другi пункта 1 артыкула 4); да асноўных прынцыпаў выдавецкай справы адносяцца гуманiзм i арыентацыя на агульначалавечыя каштоўнасцi, зацвярджэнне i папулярызацыя нацыянальных каштоўнасцей (абзац другi артыкула 5), да асноўных мэт - забеспячэнне права на свабоду поглядаў i перакананняў i iх свабоднае выказванне, павышэнне культурнага, iнтэлектуальнага i адукацыйнага ўзроўню грамадзян (абзацы другi i чацвёрты пункта 1 артыкула 6), а ў якасцi адной з асноўных задач вызначаецца садзейнiчанне развiццю iнфармацыйнага грамадства (абзац другi пункта 2 артыкула 6).
3. У адпаведнасцi з часткай першай артыкула 7 Канстытуцыi ў Рэспублiцы Беларусь устанаўлiваецца прынцып вяршэнства права. З дадзенага прынцыпу вынiкае прынцып прававой дакладнасцi, якi азначае, што прававое рэгуляванне грамадскiх адносiн павiнна забяспечваць яснасць, пэўнасць, несупярэчлiвасць i ўзаемную ўзгодненасць норм. Фармальная дакладнасць прававых норм служыць аднастайнаму разуменню прававой нормы; палажэннi закона, якiя не адпавядаюць указаным патрабаванням, параджаюць супярэчлiвую правапрымяняльную практыку, ствараючы магчымасць iх адвольнага прымянення, i тым самым вядуць да парушэння правоў, свабод i законных iнтарэсаў грамадзян, гарантый iх рэалiзацыi.
У артыкуле 1 Закона прыводзяцца вызначэннi такiх асноўных тэрмiнаў, што прымяняюцца ў iм, як "выдавецкая дзейнасць", "выдавецкая справа", "выдавец друкаванага выдання", "выпуск у свет друкаванага выдання", "дзяржаўная бiблiяграфiя" i iнш. Заканадаўчае вызначэнне выкарыстоўваемых тэрмiнаў, як адзначалася ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, садзейнiчае адназначнаму iх разуменню i фармiраванню аднастайнай правапрымяняльнай практыкi. Патрабаванням прынцыпу прававой дакладнасцi адпавядаюць таксама палажэннi артыкула 34 Закона, якiя замацоўваюць для суб'ектаў выдавецкай i палiграфiчнай дзейнасцi, што дзейнiчаюць на падставе спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй), магчымасць прадаўжэння сваёй дзейнасцi пасля ўступлення Закона ў сiлу на працягу ўстаноўленага тэрмiну без дзяржаўнай рэгiстрацыi. Тым самым спрашчаецца выбар норм, якiя падлягаюць прымяненню, i папярэджваецца ў правапрымяняльнай практыцы канкурэнцыя нарматыўных прадпiсанняў, звязаных з узнiкненнем i рэалiзацыяй права на ажыццяўленне ўказаных вiдаў дзейнасцi.
4. Законам прадугледжваецца парадак дзяржаўнай рэгiстрацыi i перарэгiстрацыi выдаўцоў, вытворцаў i распаўсюджвальнiкаў друкаваных выданняў у Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў i распаўсюджвальнiкаў (артыкулы 22 - 29). Ажыццяўленне выдавецкай дзейнасцi, палiграфiчнай дзейнасцi i распаўсюджванне друкаваных выданняў адпаведна выдаўцамi, вытворцамi i распаўсюджвальнiкамi, якiя падлягаюць дзяржаўнай рэгiстрацыi, без дзяржаўнай рэгiстрацыi забараняецца (пункт 1 артыкула 31 Закона). Права на ажыццяўленне гэтых вiдаў дзейнасцi ўзнiкае ў выдаўцоў, вытворцаў i распаўсюджвальнiкаў з дня ўключэння iх ва ўказаны Дзяржаўны рэестр.
Адносна неабходнасцi дзяржаўнай рэгiстрацыi суб'ектаў, якiя ажыццяўляюць дзейнасць у выдавецкай сферы, Канстытуцыйны Суд прытрымлiваецца прававой пазiцыi, выкладзенай у рашэннi ад 10 мая 2011 г. "О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь "О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам осуществления административных процедур". Згодна з дадзенай пазiцыяй устанаўленне правiла аб неабходнасцi ўключэння суб'ектаў выдавецкай справы ў Дзяржаўны рэестр i выдачы iм пасведчання аб дзяржаўнай рэгiстрацыi ў якасцi ўмовы, якая дае права на заняцце ўказанымi вiдамi дзейнасцi, адпавядае замацаваным у Канстытуцыi палажэнням аб прадастаўленнi дзяржавай усiм роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi, акрамя забароненай законам, i гарантаваннi роўных умоў для развiцця ўсiх форм уласнасцi; аб ажыццяўленнi рэгулявання эканамiчнай дзейнасцi ў iнтарэсах чалавека i грамадства (часткi другая i пятая артыкула 13).
Рэгiстрацыйныя патрабаваннi, што прадугледжваюцца ў артыкуле 23 Закона, у прыватнасцi аб наяўнасцi ў выдаўца спецыялiста, адказнага за ажыццяўленне выдавецкай дзейнасцi, якi мае вышэйшую адукацыю i здаў квалiфiкацыйны экзамен у парадку, устаноўленым Мiнiстэрствам iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь, заклiканы забяспечыць належную якасць выконваемых работ i тым самым накiраваны на абарону правоў i законных iнтарэсаў асоб, якiя з'яўляюцца спажыўцамi друкаваных выданняў.
5. У артыкулах 25 i 26 Закона, якiя вызначаюць падставы для адмовы ў прыняццi заявы аб дзяржаўнай рэгiстрацыi суб'ектаў выдавецкай справы, а таксама падставы для адмовы ў дзяржаўнай рэгiстрацыi (перарэгiстрацыi), прадугледжваецца магчымасць абскарджання прынятага рашэння ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб адмiнiстрацыйных працэдурах. Такi падыход будзе садзейнiчаць рэалiзацыi суб'ектамi выдавецкай справы замацаваных у Канстытуцыi права на зварот у дзяржаўныя органы (артыкул 40) шляхам падачы скаргi ў адпаведнасцi з артыкуламi 30 - 32 Закона Рэспублiкi Беларусь "Об основах административных процедур" i права на судовую абарону (артыкул 60).
Разам з тым у Законе не прадугледжваецца магчымасць судовага абскарджання рашэнняў Мiнiстэрства iнфармацыi аб прыпыненнi i спыненнi дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгiстрацыi (артыкулы 32, 33). Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць пры далейшым удасканальваннi заканадаўства, якое рэгулюе адносiны ў сферы выдавецкай справы, замацаваць гарантаванае Канстытуцыяй права на судовую абарону i ў такiх выпадках.
6. У прэамбуле адзначаецца, што Законам вызначаюцца асновы выдавецкай справы. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на прававую пазiцыю, сфармуляваную iм у рашэннi ад 30 лiстапада 2009 г. "О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь "Об основах государственной молодежной политики". Згодна з дадзенай пазiцыяй прыняцце законаў аб асновах прававога рэгулявання грамадскiх адносiн апраўдана на пачатковым этапе фармiравання прававой сiстэмы дзяржавы, калi iснуюць значныя прабелы ў прававым рэгуляваннi грамадскiх адносiн i неабходна заканадаўчае вызначэнне агульных прынцыпаў i падыходаў такога рэгулявання. У цяперашнi час прававая сiстэма Рэспублiкi Беларусь знаходзiцца на якасна iншым узроўнi i патрабуе поўнага i канкрэтнага заканадаўчага рэгулявання ў адпаведнасцi з прынцыпамi сiстэмнасцi i комплекснасцi прававога рэгулявання грамадскiх адносiн, устаноўленымi ў артыкуле 7 Закона Рэспублiкi Беларусь "О нормативных правовых актах Республики Беларусь" i iншых заканадаўчых актах Рэспублiкi Беларусь. Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ў дадзены перыяд сфармiравалiся ўмовы для поўнага i канкрэтнага прававога рэгулявання выдавецкай справы законам.
Закон прыняты Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасцi з пунктам 2 часткi першай артыкула 97 Канстытуцыi, адобраны Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi з пунктам 1 часткi першай артыкула 98 Канстытуцыi.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лiчыць, што Закон па зместу норм, форме акта i парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыi.
Кiруючыся часткамi першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, часткамi восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 i пунктам 3 Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. N 14 "О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь", Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь
вырашыў:
1. Прызнаць Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб выдавецкай справе ў Рэспублiцы Беларусь" адпаведным Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
Старшынствуючы -
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь П.П.Мiклашэвiч



База данных актуализирована по состоянию на 14.02.2020

Исправлена ошибка, из-за которой не отображались изображения.

Политика конфиденциальности