Скачать этот документ в pdf


Зарегистрировано в Национальном реестре правовых актов
Республики Беларусь 18 мая 2013 г. N 6/1288

РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
13 мая 2013 г. N Р-808/2013
АБ АДПАВЕДНАСЦI КАНСТЫТУЦЫI РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ ЗАКОНА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ "АБ УНЯСЕННI ЗМЯНЕННЯЎ I ДАПАЎНЕННЯ Ў ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ "АБ НАРОДНЫМ МАСТАЦТВЕ, НАРОДНЫХ ПРОМЫСЛАХ (РАМЁСТВАХ) У РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ"
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага - Старшынi Канстытуцыйнага Суда Мiклашэвiча П.П., намеснiка Старшынi Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановiча Т.В., Данiлюка С.Я., Iзоткi У.П., Марыскiна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цiкавенкi А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 i пункта 3 Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. N 14 "О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь"
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб унясеннi змяненняў i дапаўнення ў Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспублiцы Беларусь".
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь (далей - Канстытуцыя), Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб унясеннi змяненняў i дапаўнення ў Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспублiцы Беларусь" i iншых заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь устанавiў:
Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб унясеннi змяненняў i дапаўнення ў Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспублiцы Беларусь" (далей - Закон) прыняты Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь 17 красавiка 2013 г., адобраны Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь 3 мая 2013 г. i прадстаўлены Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь на подпiс.
Закон прыняты з мэтай удасканалення прававога рэгулявання грамадскiх адносiн у сферы народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў).
Пры праверцы канстытуцыйнасцi Закона Канстытуцыйны Суд зыходзiць з наступнага.
1. У адпаведнасцi з пунктам 3 артыкула 1 Закона дзяржаўная палiтыка ў галiне народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў) забяспечваецца ў тым лiку шляхам правядзення мерапрыемстваў у галiне народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў) у рамках рэалiзацыi дзяржаўных праграм захавання i развiцця культуры; стварэння ўмоў для адраджэння i развiцця традыцый народных промыслаў (рамёстваў), заахвочвання культурнай дзейнасцi фiзiчных i юрыдычных асоб у галiне народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў).
Дадзеныя палажэннi Закона грунтуюцца на артыкуле 15 Канстытуцыi, якi прадугледжвае, што дзяржава адказная за захаванне гiсторыка-культурнай спадчыны.
У пункце 4 артыкула 1 Закона вызначана, што дзяржаўная падтрымка народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў) ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспублiканскага i (або) мясцовых бюджэтаў у рамках рэалiзацыi дзяржаўных праграм захавання i развiцця культуры, сродкаў спецыяльных фондаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.
Гэтыя палажэннi Закона адпавядаюць нормам Канстытуцыi, згодна з якiмi дзяржава садзейнiчае развiццю культуры (частка чацвёртая артыкула 51); агульнадзяржаўныя расходы ажыццяўляюцца за кошт рэспублiканскага бюджэту ў адпаведнасцi з яго расходнай часткай (частка трэцяя артыкула 133); згодна з законам у Рэспублiцы Беларусь могуць стварацца пазабюджэтныя фонды (частка чацвёртая артыкула 133).
У мэтах рэалiзацыi канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыi) i заснаванага на iм прынцыпу прававой дакладнасцi нормы Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспублiцы Беларусь" прыводзяцца Законам у адпаведнасць з iншымi заканадаўчымi актамi.
Так, з улiкам падпункта 2.12 пункта 2 артыкула 21 Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб культуры ў Рэспублiцы Беларусь" паняцце "прадпрыемства народных промыслаў (рамёстваў)", якое выкарыстоўваецца ў Законе "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспублiцы Беларусь" (абзацы чацвёрты i сёмы артыкула 1 i iнш.), Законам замяняецца паняццем "арганiзацыя народных промыслаў (рамёстваў)". Тым самым устараняецца прававая недакладнасць i прадухiляюцца магчымыя калiзii прававых норм пры iх прымяненнi.
Палажэннямi Закона (абзац пяты пункта 3 артыкула 1, пункт дзясяты артыкула 1) у Закон "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспублiцы Беларусь" уносяцца змяненнi, згодна з якiмi дзяржава садзейнiчае развiццю матэрыяльнай базы для дзейнасцi народных майстроў, арганiзацый народных промыслаў (рамёстваў) i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, а таксама ажыццяўляе падтрымку арганiзацый народных промыслаў (рамёстваў) i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў.
Такiм чынам, Законам прадугледжваюцца аднолькавыя дзяржаўныя гарантыi дзейнасцi ў сферы народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў) незалежна ад арганiзацыйна-прававой формы яе ажыццяўлення - праз стварэнне арганiзацыi (юрыдычнай асобы) цi ў якасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка.
Дадзены заканадаўчы падыход адпавядае частцы другой артыкула 13 Канстытуцыi, згодна з якой дзяржава надае ўсiм роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi.
2. Пунктамi 4 i 5 артыкула 1 Закона з Закона "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспублiцы Беларусь" (артыкулы 4, 5 i 28) выключаюцца палажэннi аб рэспублiканскай праграме дзяржаўнай падтрымкi народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў) Рэспублiкi Беларусь, Дзяржаўным фондзе падтрымкi народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў) Рэспублiкi Беларусь, Нацыянальным банку даных у галiне народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў).
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ўказаныя рэспублiканская праграма, Дзяржаўны фонд i Нацыянальны банк даных прадугледжвалiся ў якасцi пэўных арганiзацыйна-прававых форм дзяржаўных гарантый падтрымкi i развiцця народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў) у Рэспублiцы Беларусь.
Законам прадугледжваецца, што дзяржаўная падтрымка народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў) будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў рэспублiканскага i (або) мясцовых бюджэтаў у рамках рэалiзацыi дзяржаўных праграм захавання i развiцця культуры, сродкаў спецыяльных фондаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд лiчыць, што пры адзначаным змяненнi Законам прававога рэгулявання дзяржаўная падтрымка павiнна ў поўнай меры садзейнiчаць развiццю народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў) у мэтах забеспячэння рэалiзацыi канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыццi (частка першая артыкула 51 Канстытуцыi).
Закон прыняты Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь у межах кампетэнцыi ў адпаведнасцi з пунктам 2 часткi першай артыкула 97 Канстытуцыi, адобраны Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi з пунктам 1 часткi першай артыкула 98 Канстытуцыi.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзiць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта i парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыi.
Кiруючыся часткамi першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, часткамi восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 i пунктам 3 Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. N 14 "О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь", Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь
вырашыў:
1. Прызнаць Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб унясеннi змяненняў i дапаўнення ў Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспублiцы Беларусь" адпаведным Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
Старшынствуючы -
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь П.П.Мiклашэвiч



База данных актуализирована по состоянию на 14.02.2020

Исправлена ошибка, из-за которой не отображались изображения.

Политика конфиденциальности