Скачать этот документ в pdf

Смотрите также Решения Российской Федерации
Смотрите также Законы Российской Федерации


Зарегистрировано в Национальном реестре правовых актов
Республики Беларусь 11 июня 2014 г. N 6/1419

РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
6 чэрвеня 2014 г. N Р-927/2014
АБ АДПАВЕДНАСЦI КАНСТЫТУЦЫI РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ ЗАКОНА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ "АБ БЕЛАРУСАХ ЗАМЕЖЖА"
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага - Старшынi Канстытуцыйнага Суда Мiклашэвiча П.П., намеснiка Старшынi Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановiча Т.В., Данiлюка С.Я., Iзоткi У.П., Карповiч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цiкавенкi А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, абзаца другога часткi трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, артыкула 98 i часткi першай артыкула 101 Закона Рэспублiкi Беларусь "О конституционном судопроизводстве"
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб беларусах замежжа".
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь (далей - Канстытуцыя), Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб беларусах замежжа" i iншых заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь устанавiў:
Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб беларусах замежжа" (далей - Закон) прыняты Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь 14 мая 2014 г., адобраны Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь 30 мая 2014 г. i прадстаўлены Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь на подпiс.
Закон вызначае асноўныя прынцыпы, мэты i напрамкi дзяржаўнай палiтыкi ў галiне адносiн з беларусамi замежжа, а таксама меры дзяржаўнай падтрымкi, якiя аказваюцца беларусам замежжа ў Рэспублiцы Беларусь i за яе межамi.
Пры праверцы канстытуцыйнасцi Закона Канстытуцыйны Суд зыходзiць з наступнага.
1. У Канстытуцыi ўстаноўлена, што чалавек, яго правы, свабоды i гарантыi iх рэалiзацыi з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю i мэтай грамадства i дзяржавы (частка першая артыкула 2); дзяржава адказная за захаванне гiсторыка-культурнай i духоўнай спадчыны, свабоднае развiццё культур усiх нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь (артыкул 15); кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць; кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбiраць мову зносiн (часткi першая i трэцяя артыкула 50).
Згодна з часткай першай артыкула 8 Канстытуцыi Рэспублiка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства.
У Мiжнародным пакце аб грамадзянскiх i палiтычных правах устаноўлена, што ў тых краiнах, дзе iснуюць этнiчныя, рэлiгiйныя i моўныя меншасцi, асобам, якiя належаць да такiх меншасцей, не можа быць адмоўлена ў праве сумесна з iншымi членамi той жа групы карыстацца сваёй культурай, вызнаваць сваю рэлiгiю i выконваць яе абрады, а таксама карыстацца роднай мовай (артыкул 27).
Дэкларацыяй аб правах асоб, якiя належаць да нацыянальных або этнiчных, рэлiгiйных i моўных меншасцей, прынятай рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеi Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый ад 18 снежня 1992 года N 47/135, замацавана, што асобы, якiя належаць да меншасцей, маюць права ўстанаўлiваць i падтрымлiваць без якой-небудзь дыскрымiнацыi свабодныя i мiрныя кантакты з iншымi членамi сваёй групы i з асобамi, якiя належаць да iншых меншасцей, а таксама кантакты праз гранiцы з грамадзянамi iншых дзяржаў, з якiмi яны звязаны нацыянальнымi, этнiчнымi, рэлiгiйнымi або моўнымi сувязямi (пункт 5 артыкула 2).
У Канвенцыi аб забеспячэннi правоў асоб, што належаць да нацыянальных меншасцей, ад 21 кастрычнiка 1994 года, падпiсанай у рамках Садружнасцi Незалежных Дзяржаў, прадугледжана, што асобы, якiя належаць да нацыянальных меншасцей, маюць права бесперашкодна падтрымлiваць кантакты як памiж сабой на тэрыторыi дзяржавы пражывання, так i з грамадзянамi i арганiзацыямi дзяржаў, з якiмi iх звязвае агульнае этнiчнае паходжанне, культура, мова альбо рэлiгiя, пры ўмове, што гэтыя сувязi не супярэчаць нацыянальнаму заканадаўству бакоў (пункт 1 артыкула 6).
2. Законам вызначаюцца ў тым лiку асноўныя прынцыпы, мэты i напрамкi дзяржаўнай палiтыкi ў галiне адносiн з беларусамi замежжа ў мэтах забеспячэння салiдарнасцi беларусаў ва ўсiм свеце, захавання нацыянальна-культурнай iдэнтычнасцi беларусаў замежжа i ўмацавання iх сувязей з Рэспублiкай Беларусь (артыкул 2). У Законе ўстанаўлiваецца, што ажыццяўленне дзяржаўнай палiтыкi ў галiне адносiн з беларусамi замежжа павiнна садзейнiчаць у тым лiку стварэнню ўмоў для вывучэння беларусамi замежжа беларускай мовы, нацыянальнай гiсторыi i культуры (абзац другi артыкула 18).
Дадзеныя мэты вынiкаюць з замацаванай у Канстытуцыi нормы аб адказнасцi дзяржавы за захаванне гiсторыка-культурнай i духоўнай спадчыны (артыкул 15). Грунтуючыся на сваiм неад'емным праве на самавызначэнне, беларусы разам з iншымi нацыянальнымi супольнасцямi, якiя пражываюць у Беларусi, стварылi дэмакратычную прававую сацыяльную дзяржаву - Рэспублiку Беларусь. Многiя беларусы пражываюць за межамi сучаснай Рэспублiкi Беларусь, але захавалi сваю мову, культурныя традыцыi i працягваюць падтрымлiваць рознабаковыя адносiны з Рэспублiкай Беларусь. Беларусы, якiя пражываюць як у Рэспублiцы Беларусь, так i за яе межамi, складаюць агульную этнiчную супольнасць з адной мовай i культурнымi традыцыямi. Таму беларуская дзяржава павiнна праяўляць клопат аб захаваннi культурнай i духоўнай спадчыны беларусаў, якiя пражываюць не толькi ў Рэспублiцы Беларусь, але i за яе межамi.
Такiм чынам, вывучэнне беларусамi замежжа беларускай мовы, нацыянальнай гiсторыi i культуры накiравана на забеспячэнне салiдарнасцi беларусаў ва ўсiм свеце i захаванне iх нацыянальна-культурнай iдэнтычнасцi дзеля развiцця культуры i нацыянальнай самасвядомасцi беларусаў.
Указаныя вышэй мэты прававога рэгулявання дзяржаўнай палiтыкi ў галiне адносiн з беларусамi замежжа засноўваюцца таксама на канстытуцыйных правах кожнага захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць i карыстацца роднай мовай (часткi першая i трэцяя артыкула 50 Канстытуцыi). Акрамя таго, прыведзеныя палажэннi артыкула 2 Закона адпавядаюць норме абзаца чацвёртага пункта 33 Асноўных напрамкаў унутранай i знешняй палiтыкi Рэспублiкi Беларусь, зацверджаных Законам Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiстапада 2005 года, якi ў сiлу часткi чацвёртай артыкула 104 Канстытуцыi з'яўляецца праграмным законам. Дадзеная норма Асноўных напрамкаў унутранай i знешняй палiтыкi Рэспублiкi Беларусь прадугледжвае неабходнасць рэалiзацыi доўгатэрмiновай стратэгii садзейнiчання духоўнаму i культурнаму развiццю беларускай дыяспары.
Часткай першай артыкула 10 Канстытуцыi ўстаноўлена, што грамадзянiну Рэспублiкi Беларусь гарантуецца абарона i заступнiцтва дзяржавы як на тэрыторыi Беларусi, так i за яе межамi.
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што прыведзенае канстытуцыйнае палажэнне не абмяжоўвае магчымасцi Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляць дзейсныя меры па заступнiцтву i падтрымцы грамадзян замежных краiн i асоб без грамадзянства, якiя пражываюць за межамi Рэспублiкi Беларусь i iдэнтыфiкуюць сябе як беларусы цi з'яўляюцца выхадцамi з тэрыторыi сучаснай Рэспублiкi Беларусь, у рэалiзацыi iх культурных правоў. Гэта вынiкае з часткi першай артыкула 2 Канстытуцыi, згодна з якой чалавек, яго правы, свабоды i гарантыi iх рэалiзацыi з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю i мэтай грамадства i дзяржавы, а таксама з прыведзеных палажэнняў артыкулаў 15 i 50 Канстытуцыi.
Абавязак дзяржавы праяўляць клопат аб сваiх суайчыннiках за яе межамi прызнаецца i мiжнародным правам. У Мiжнародным пакце аб грамадзянскiх i палiтычных правах (артыкул 27) i Дэкларацыi аб правах асоб, якiя належаць да нацыянальных або этнiчных, рэлiгiйных i моўных меншасцей (пункт 5 артыкула 2), адпаведна замацавана, што асобам, якiя належаць да меншасцей, не можа быць адмоўлена ў тым лiку ў праве сумесна з iншымi членамi той жа групы карыстацца сваёй культурай, а таксама роднай мовай; яны маюць права ў тым лiку ўстанаўлiваць i падтрымлiваць без якой-небудзь дыскрымiнацыi свабодныя i мiрныя кантакты праз гранiцы з грамадзянамi iншых дзяржаў, з якiмi яны звязаны нацыянальнымi, этнiчнымi, рэлiгiйнымi або моўнымi сувязямi.
3. Законам устанаўлiваецца, што грамадскiя аб'яднаннi (арганiзацыi) беларусаў замежжа i грамадскiя аб'яднаннi па сувязях з беларусамi замежжа могуць аказваць садзейнiчанне ў рэалiзацыi дзяржаўнай палiтыкi ў галiне адносiн з беларусамi замежжа; уносiць у дзяржаўныя органы Рэспублiкi Беларусь прапановы па ўдасканальваннi дзяржаўнай палiтыкi ў галiне адносiн з беларусамi замежжа; папулярызаваць беларускiя культурныя каштоўнасцi, беларускую мову, а таксама беларускiя традыцыi i звычаi; ажыццяўляць iншую дзейнасць у галiне адносiн з беларусамi замежжа, не забароненую заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь (артыкул 5).
Такiм чынам, грамадскiя аб'яднаннi (арганiзацыi) беларусаў замежжа i грамадскiя аб'яднаннi па сувязях з беларусамi замежжа не ўпаўнаважваюцца ажыццяўляць юрыдычна значныя дзеяннi на тэрыторыi замежных краiн у мэтах, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Тым самым палажэннi Закона накiраваны на забеспячэнне нормы Канстытуцыi аб прызнаннi Рэспублiкай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права (частка першая артыкула 8), у тым лiку прынцыпу суверэннай роўнасцi дзяржаў i прынцыпу неўмяшання ў справы, што ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю iншай дзяржавы, прадугледжаных у Статуце Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый (пункты 1, 7 артыкула 2), Дэкларацыi аб прынцыпах мiжнароднага права, што датычацца дружалюбных адносiн i супрацоўнiцтва памiж дзяржавамi ў адпаведнасцi са Статутам Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый, адобранай рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеi ААН ад 24 кастрычнiка 1970 года N 2625 (XXV) (пункт 1).
З указанага вынiкае, што ў Законе ўлiчаны дактрынальныя падыходы Канстытуцыйнага Суда, выкладзеныя iм у рашэннi ад 7 красавiка 2011 г. "Аб пазiцыi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь па Законе Рэспублiкi Польшча "Аб Карце паляка".
4. Артыкулам 16 Закона прадугледжваецца, што дзяржаўная палiтыка ў галiне адносiн з беларусамi замежжа засноўваецца ў тым лiку на прызнаннi неабходнасцi забеспячэння нацыянальных, культурных i iншых правоў беларусаў замежжа ў адпаведнасцi з агульнапрызнанымi прынцыпамi i нормамi мiжнароднага права, а таксама з улiкам заканадаўства дзяржаў грамадзянскай прыналежнасцi i пастаяннага месца жыхарства беларусаў замежжа.
Дадзеныя палажэннi грунтуюцца на норме Канстытуцыi, згодна з якой Рэспублiка Беларусь у сваёй знешняй палiтыцы зыходзiць у тым лiку з прынцыпаў роўнасцi дзяржаў, неўмяшання ва ўнутраныя справы i iншых агульнапрызнаных прынцыпаў i нормаў мiжнароднага права (частка першая артыкула 18), а таксама на ўказаных вышэй палажэннях пунктаў 1 i 7 артыкула 2 Статута Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый i пункта 1 Дэкларацыi аб прынцыпах мiжнароднага права, што датычацца дружалюбных адносiн i супрацоўнiцтва памiж дзяржавамi ў адпаведнасцi са Статутам Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый.
Такое прававое рэгуляванне адпавядае прадугледжанаму ў частцы першай артыкула 8 Канстытуцыi палажэнню аб прызнаннi Рэспублiкай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i забеспячэннi адпаведнасцi iм заканадаўства.
5. У артыкуле 1 Закона замацоўваецца тэрмiн "беларусы замежжа" i вызначаецца, што беларусы замежжа - асобы, якiя пастаянна пражываюць за межамi Рэспублiкi Беларусь i iдэнтыфiкуюць сябе як беларусы або з'яўляюцца выхадцамi з тэрыторыi сучаснай Рэспублiкi Беларусь (абзац другi).
Разам з тым артыкулам 4 "Асобы, якiя адносяцца да беларусаў замежжа" Закона ўстанаўлiваецца, што да беларусаў замежжа адносяцца наступныя асобы: грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя пастаянна пражываюць за межамi Рэспублiкi Беларусь; замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць за межамi Рэспублiкi Беларусь i самi або iх продкi па прамой узыходзячай лiнii нарадзiлiся або пражывалi на тэрыторыi сучаснай Рэспублiкi Беларусь; замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць за межамi Рэспублiкi Беларусь i iдэнтыфiкуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнiчнай прыналежнасцi да беларускага народа або беларускай мовы, культуры, гiстарычных сувязей, ведання i захавання беларускix традыцый i звычаяў.
Такiм чынам, у адпаведнасцi з абзацам другiм артыкула 1 Закона ўстанаўлiваюцца дзве катэгорыi асоб, якiя з'яўляюцца беларусамi замежжа: асобы, якiя пастаянна пражываюць за межамi Рэспублiкi Беларусь i iдэнтыфiкуюць сябе як беларусы, i асобы, якiя пастаянна пражываюць за межамi Рэспублiкi Беларусь i з'яўляюцца выхадцамi з тэрыторыi сучаснай Рэспублiкi Беларусь. У той жа час у артыкуле 4 Закона ў лiку асоб, якiя адносяцца да беларусаў замежжа, акрамя вышэйзгаданых катэгорый указаны i грамадзяне Рэспублiкi Беларусь. Аднак да грамадзян Рэспублiкi Беларусь належаць таксама асобы, якiя не iдэнтыфiкуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнiчнай прыналежнасцi i не з'яўляюцца выхадцамi з тэрыторыi сучаснай Рэспублiкi Беларусь. У вынiку такога заканадаўчага падыходу кола беларусаў замежжа згодна з артыкулам 4 Закона будзе шырэйшым, чым вызначанае ў абзацы другiм артыкула 1 Закона.
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што разгорнутае азначэнне пэўнай прававой катэгорыi ў спецыяльным артыкуле нарматыўнага прававога акта выключае неабходнасць прывядзення кароткай дэфiнiцыi таго ж самага паняцця ў артыкуле, якi замацоўвае тэрмiны, што прымяняюцца ў дадзеным акце. Гэта вынiкае з патрабаванняў часткi першай артыкула 23 Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь" аб унутранай узгодненасцi i лагiчнай пабудове нарматыўнага прававога акта i здольна забяспечыць дакладнае разуменне зместу ўсiх палажэнняў Закона i прадухiленне неаднастайнай правапрымяняльнай практыкi.
6. У адпаведнасцi з абзацам пятым артыкула 1 Закона дзяржаўная палiтыка Рэспублiкi Беларусь у галiне адносiн з беларусамi замежжа - комплекс мер, накiраваных на падтрымку беларусаў замежжа, якiя прымаюцца дзяржаўнымi органамi i арганiзацыямi Рэспублiкi Беларусь для садзейнiчання беларусам замежжа ў рэалiзацыi iх нацыянальных, культурных i iншых правоў. У шэрагу iншых палажэнняў Закона (артыкулах 9, 13, 16, 17) таксама выкарыстоўваецца тэрмiн "нацыянальныя правы".
Аднак у заканадаўстве Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававых актах адсутнiчае азначэнне паняцця "нацыянальныя правы", як i пералiк апошнiх. У этымалагiчным значэннi дадзенага паняцця да нацыянальных правоў належаць правы асобы, прадугледжаныя нацыянальным заканадаўствам (заканадаўствам канкрэтнай дзяржавы). У такiм сэнсе тэрмiн "нацыянальныя правы" выкарыстоўваецца ў прававой дактрыне некаторых замежных краiн. У мiжнародным праве азначаецца паняцце толькi аднаго нацыянальнага права - права нацый на самавызначэнне. Разам з тым у заканадаўстве Рэспублiкi Беларусь i мiжнародных дакументах змяшчаецца паняцце "правы нацыянальных меншасцей" i прадугледжваецца iх канкрэтны пералiк.
Такiм чынам, выкарыстанне ў Законе паняцця "нацыянальныя правы", разгорнутае азначэнне якога адсутнiчае як у самiм Законе, так i ў iншых актах заканадаўства i прававой дактрыне, сведчыць аб наяўнасцi прававой недакладнасцi. Неакрэсленасць у прававых крынiцах, якiя канкрэтна суб'ектыўныя правы належаць да нацыянальных правоў, ускладняе выпрацоўку прававых сродкаў iх абароны.
У Рэспублiцы Беларусь устанаўлiваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыi). Канстытуцыйны Суд у сваiх рашэннях неаднаразова адзначаў, што адным з элементаў вяршэнства права з'яўляецца прававая дакладнасць, якая прадугледжвае яснасць, несупярэчлiвасць i лагiчную ўзгодненасць прававых норм. У вынiку забеспячэння прынцыпу прававой дакладнасцi ў нарматворчасцi ствараюцца ўмовы для аднастайнасцi i прадказальнасцi правапрымяняльнай практыкi, што павышае давер грамадзян да дзяржавы.
Канстытуцыйны Суд лiчыць неабходным пры далейшым ўдасканальваннi прававога рэгулявання дзяржаўнай палiтыкi ў галiне адносiн з беларусамi замежжа лiквiдаваць дадзеную прававую недакладнасць шляхам канкрэтызацыi iндывiдуальных i калектыўных правоў беларусаў замежжа, якiя маюць патрэбу ў iх забеспячэннi Рэспублiкай Беларусь.
Закон прыняты Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасцi з пунктам 2 часткi першай артыкула 97 Канстытуцыi, адобраны Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi з пунктам 1 часткi першай артыкула 98 Канстытуцыi.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лiчыць, што Закон па змесце норм, форме акта i парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыi.
Кiруючыся часткамi першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, артыкуламi 103 - 105 Закона Рэспублiкi Беларусь "О конституционном судопроизводстве", Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь
вырашыў:
1. Прызнаць Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб беларусах замежжа" адпаведным Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
Старшынствуючы -
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь П.П.Мiклашэвiч






База данных актуализирована по состоянию на 16.01.2015

Исправлена ошибка, из-за которой не отображались изображения.