Скачать этот документ в pdf


Зарегистрировано в Национальном реестре правовых актов
Республики Беларусь 18 июля 2016 г. N 6/1569

РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
11 лiпеня 2016 г. N Р-1062/2016
АБ АДПАВЕДНАСЦI КАНСТЫТУЦЫI РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ КОДЭКСА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ АБ КУЛЬТУРЫ
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага - Старшынi Канстытуцыйнага Суда Мiклашэвiча П.П., намеснiка Старшынi Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановiча Т.В., Данiлюка С.Я., Iзоткi У.П., Карповiч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цiкавенкi А.Г.
на падставе часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, абзаца другога часткi трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, артыкула 98 i часткi першай артыкула 101 Закона Рэспублiкi Беларусь "О конституционном судопроизводстве"
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб культуры.
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Iзотку У.П., прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь (далей - Канстытуцыя), Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб культуры i iншых заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь устанавiў:
Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб культуры (далей - Кодэкс) прыняты Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь 24 чэрвеня 2016 г., адобраны Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь 30 чэрвеня 2016 г. i прадстаўлены Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь на подпiс.
Кодэкс накiраваны на рэгуляванне грамадскiх адносiн у сферы культуры i ўстанаўлiвае прававыя, арганiзацыйныя, эканамiчныя i сацыяльныя асновы культурнай дзейнасцi ў мэтах захавання i выкарыстання культурных каштоўнасцей, развiцця арганiзацый культуры i забеспячэння агульнадаступнасцi культурных даброт.
Пры праверцы канстытуцыйнасцi Кодэкса Канстытуцыйны Суд зыходзiць з наступнага.
1. Канстытуцыя, сцвярджаючы прыярытэт асобы i забеспячэння яе правоў (частка першая артыкула 2, частка першая артыкула 21), абавязвае дзяржаву прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй, а дзяржаўныя органы, службовых i iншых асоб, якiм даверана выкананне дзяржаўных функцый, - прымаць у межах сваёй кампетэнцыi неабходныя меры для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод асобы (часткi першая i другая артыкула 59).
У адпаведнасцi з Канстытуцыяй кожны мае права на ўдзел у культурным жыццi; гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай i сусветнай культуры, якiя знаходзяцца ў дзяржаўных i грамадскiх фондах, развiццём сеткi культурна-асветных устаноў; свабода мастацкай творчасцi гарантуецца; дзяржава садзейнiчае развiццю культуры на карысць агульных iнтарэсаў (часткi першая, другая i чацвёртая артыкула 51).
Канстытуцыяй вызначана таксама, што дзяржава адказная за захаванне гiсторыка-культурнай i духоўнай спадчыны, свабоднае развiццё культур усiх нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь (артыкул 15); кожны абавязаны берагчы гiсторыка-культурную, духоўную спадчыну i iншыя нацыянальныя каштоўнасцi (артыкул 54).
З улiкам указаных канстытуцыйных палажэнняў прававое рэгуляванне адносiн у сферы культуры павiнна гарантаваць магчымасць рэалiзацыi кожным культурных правоў, у тым лiку права на доступ да культурных каштоўнасцей i права на ўдзел у культурным жыццi. Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь, зацверджанай Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 9 лiстапада 2010 г. N 575, вызначана, што развiццё iнтэлектуальнага i духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства, захаванне i прымнажэнне яго культурнай спадчыны адносяцца да асноўных нацыянальных iнтарэсаў у сацыяльнай сферы (абзац пяты пункта 12).
Неабходнасць такога прававога рэгулявання асноўваецца таксама на палажэннях Канстытуцыi аб прызнаннi Рэспублiкай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i забеспячэннi адпаведнасцi iм заканадаўства (частка першая артыкула 8) i адпавядае нормам дзеючых у гэтай сферы мiжнародна-прававых актаў, якiя абвяшчаюць права кожнага чалавека на свабодны ўдзел у культурным жыццi грамадства (пункт 1 артыкула 27 Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека, пункт 1 артыкула 15 Мiжнароднага пакта аб эканамiчных, сацыяльных i культурных правах). Згодна з Заўвагай агульнага парадку N 21 "Право каждого человека на участие в культурной жизни (пункт 1 статьи 15 Международного пакта об экономических, социальных и культурных правах)" Камiтэта Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый па эканамiчных, сацыяльных i культурных правах ад 21 снежня 2009 года культурныя правы ўяўляюць сабой неад'емную частку правоў чалавека i, як i iншыя правы, з'яўляюцца ўнiверсальнымi, непадзельнымi i ўзаемазалежнымi. Усебаковае заахвочванне i павага культурных правоў мае выключна важнае значэнне для падтрымання чалавечай годнасцi i пазiтыўнага сацыяльнага ўзаемадзеяння памiж некаторымi асобамi i абшчынамi ва ўмовах разнастайнага i шматкультурнага свету (пункт 1 указанай Заўвагi).
Кодэксам рэгулюецца шырокi спектр грамадскiх адносiн, звязаных з захаваннем i выкарыстаннем культурных каштоўнасцей, аховай гiсторыка-культурнай i археалагiчнай спадчыны, бiблiятэчнай i музейнай справай, народнымi мастацкiмi рамёствамi, кiнематаграфiяй, арганiзацыяй i правядзеннем культурных мерапрыемстваў, дзейнасцю калектываў мастацкай творчасцi, эстэтычным выхаваннем грамадзян.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што прыняцце Кодэкса, заснаванага на вышэйуказаных канстытуцыйных i мiжнародна-прававых нормах, дазваляе прывесцi дзеючыя ў сферы культуры шматлiкiя, разрозненыя i не заўсёды ўзгодненыя памiж сабой нарматыўныя прававыя акты ў адзiную сiстэму, выключыць калiзii i шматлiкасць норм па адных i тых ж пытаннях, скарацiць колькасць ведамасных актаў i бланкетных норм, удасканальваючы такiм чынам прававы механiзм рэалiзацыi грамадзянамi сваiх правоў i абавязкаў у дадзенай сферы.
2. Палажэннямi Кодэкса ўстанаўлiваецца пералiк суб'ектаў культурнай дзейнасцi, да якiх адносяцца ў тым лiку арганiзацыi культуры, установы адукацыi i навуковыя арганiзацыi, якiя ажыццяўляюць i (або) забяспечваюць культурную дзейнасць, творчыя саюзы, iншыя грамадскiя аб'яднаннi ў сферы культуры, спонсары i мiжнародныя арганiзацыi (артыкул 3); вызначаецца прававы статус суб'ектаў культурнай дзейнасцi, у тым лiку парадак стварэння i лiквiдацыi калектываў мастацкай творчасцi, арганiзацый культуры, асаблiвасцi стварэння, дзяржаўнай рэгiстрацыi i дзейнасцi творчых саюзаў (раздзел II); замацоўваюцца прававыя i арганiзацыйныя асновы ажыццяўлення розных вiдаў культурнай дзейнасцi (раздзел IV).
Рэгуляванне Кодэксам указаных адносiн пашырае свабоду выбару форм i вiдаў культурнай дзейнасцi, забяспечваючы тым самым канстытуцыйнае права кожнага на ўдзел у культурным жыццi шляхам ажыццяўлення культурнай дзейнасцi як адной з форм гаспадарчай i iншай дзейнасцi, якая гарантуецца часткай другой артыкула 13 Канстытуцыi.
3. У Кодэксе прадугледжваюцца палажэннi аб розных формах давядзення да насельнiцтва iнфармацыi аб культурным жыццi, у прыватнасцi размяшчэнне iнфармацыi аб рашэннях адносна надання i пазбаўлення статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi на афiцыйным сайце Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь у глабальнай камп'ютарнай сетцы Iнтэрнэт (пункт 15 артыкула 93, пункт 5 артыкула 94); аб звестках, якiя змяшчаюцца ў рэестры музеяў, з'яўляюцца адкрытымi i размяшчаюцца на афiцыйным сайце юрыдычнай асобы, упаўнаважанай Мiнiстэрствам культуры (пункт 9 артыкула 167); аб фармiраваннi, вядзеннi i выкарыстаннi Банка звестак аб гiсторыка-культурнай спадчыне Рэспублiкi Беларусь, рэестра археалагiчных аб'ектаў (артыкулы 101, 102, пункты 2, 4 артыкула 125); аб забеспячэннi ўдзелу бiблiятэк у фармiраваннi зводнага электроннага каталога бiблiятэк Беларусi, iншых карпаратыўных iнфармацыйных рэсурсаў (пункт 2 артыкула 149) i iнш. Гэта сведчыць пра шырокае ўкараненне iнфармацыйна-камунiкацыйных тэхналогiй у культурную сферу, павышэнне адкрытасцi дзейнасцi дзяржаўных органаў i iншых суб'ектаў культурнай дзейнасцi, накiраванасць адпаведных норм Кодэкса на ўмацаванне iнфармацыйных сувязей з насельнiцтвам, уцягненне розных груп людзей у культурную дзейнасць, больш актыўнае азнаямленне з гiсторыка-культурнай спадчынай i тым самым на развiццё i забеспячэнне канстытуцыйнага права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб культурным жыццi (частка першая артыкула 34 Канстытуцыi).
4. Нормы Канстытуцыi маюць на ўвазе перш за ўсё замацаванне належных прававых i арганiзацыйных асноў, якiя забяспечваюць прыняцце не толькi дзяржавай, але i кожнай асобай на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь усiх магчымых мер па захаваннi гiсторыка-культурнай i духоўнай спадчыны (артыкулы 15 i 54) для далучэння нашчадкаў да багатага мiнулага беларускага народа.
Кодэксам прадугледжваюцца парадак выканання патрабавання аб падпiсаннi ахоўнага абавязацельства (вызначаюцца асобыя тэрмiны падпiсання для асобных выпадкаў) i вынiкi яго невыканання (пункты 2, 4 артыкула 75); патрабаваннi да парадку выкарыстання матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (пункты 3, 4 артыкула 122), захоўвання музейных прадметаў, навукова-дапаможных i сыравiнных матэрыялаў, iх кансервацыi i рэстаўрацыi (артыкулы 178 i 179), ажыццяўлення работ, якiя выконваюцца на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях або ў сувязi з iмi (артыкулы 111 - 119), у тым лiку да асоб, якiя маюць права выконваць гэтыя работы, а менавiта аб неабходнасцi наяўнасцi ў штаце спецыялiстаў з вопытам работы па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны не менш за два гады (частка другая пункта 2 артыкула 91, пункт 5 артыкула 100), а таксама наяўнасцi ў iх адпаведнага пасведчання, што выдаецца па вынiках атэстацыi (артыкулы 117 i 118), i iнш.
Канстытуцыйны Суд канстатуе, што палажэннi Кодэкса, якiя датычацца асаблiвасцей узнiкнення правоў на гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, парадку iх выкарыстання, выканання работ на iх, накiраваны на забеспячэнне належных умоў iх выкарыстання, што прадухiляюць знiшчэнне, страту, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнiчнага стану каштоўнасцей, у мэтах захавання i перадачы культурнай спадчыны, якая з'яўляецца незаменным рэсурсам дзяржавы, гiстарычнай памяццю яго народа, а патрабаваннi да асоб, якiя дапускаюцца да выканання работ, аб наяўнасцi ў iх адпаведнай квалiфiкацыi, неабходнай для прафесiйнага выканання работ, не абмяжоўваюць правы на ажыццяўленне культурнай дзейнасцi, якiя гарантуюцца часткай другой артыкула 13, часткай першай артыкула 51 Канстытуцыi. Устанаўлiваючы такiя патрабаваннi, заканадавец зыходзiць з неабходнасцi больш поўнай рэалiзацыi палажэння Канстытуцыi аб адказнасцi дзяржавы за захаванне гiсторыка-культурнай i духоўнай спадчыны (артыкул 15), а таксама садзейнiчання развiццю культуры на карысць агульных iнтарэсаў, неабходнасцi аднаўлення, захавання i развiцця матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей для памнажэння духоўнага i гiстарычна-культурнага патэнцыялу краiны.
Рэгуляванне Кодэксам дзейнасцi грамадскiх саветаў (камiсiй) i iншых кансультатыўных органаў (экспертных фармiраванняў) па пытаннях культуры, якiя могуць стварацца на грамадскiх пачатках пры дзяржаўных органах (артыкул 15), супрацоўнiцтва дзяржаўных органаў з камерцыйнымi арганiзацыямi i iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi, напрыклад, у частцы рэалiзацыi культурных праектаў (сумеснай вытворчасцi фiльмаў, арганiзацыi i правядзення культурных мерапрыемстваў), развiцця матэрыяльна-тэхнiчнай базы арганiзацый культуры (артыкул 16), накiравана на пашырэнне магчымасцей удзелу грамадскасцi, кожнага грамадзянiна ў вырашэннi пытанняў культуры ў рамках рэалiзацыi канстытуцыйна гарантуемага права ўдзельнiчаць у вырашэннi дзяржаўных спраў (часткi першая i другая артыкула 37 Канстытуцыi). Як адна з форм праяўлення дэмакратыi, узаемадзеянне дзяржаўных органаў з органамi тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання, iншымi зацiкаўленымi юрыдычнымi асобамi, грамадзянамi ў сферы культуры заклiкана садзейнiчаць выяўленню грамадзянскай пазiцыi грамадскасцi, улiку прапаноў у працэсе выпрацоўкi дзяржаўнымi органамi кiраўнiцкiх рашэнняў, удасканальванню заканадаўства ў гэтай сферы. Ажыццяўленне грамадскага кантролю грамадскiмi назiральнымi камiсiямi па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны, якiя ствараюцца пры Мiнiстэрстве культуры i мясцовых выканаўчых i распарадчых органах абласнога i базавага тэрытарыяльных узроўняў, у тым лiку з прадстаўнiкоў грамадскiх аб'яднанняў у сферы культуры (артыкул 20 Кодэкса), мае на мэце забеспячэнне выканання патрабаванняў ахоўных абавязацельстваў, рэжымаў i iншых прадпiсанняў Кодэкса адносна гiсторыка-культурных каштоўнасцей i выступае дадатковым прававым механiзмам рэалiзацыi палажэнняў артыкулаў 15 i 54 Канстытуцыi.
5. Пры ўрэгуляваннi ў Кодэксе адпаведных грамадскiх адносiн заканадавец зыходзiць з дапушчальнасцi знаходжання культурных каштоўнасцей у дзяржаўнай або прыватнай уласнасцi Рэспублiкi Беларусь, адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак Рэспублiкi Беларусь, юрыдычных асоб, грамадзян, у тым лiку iндывiдуальных прадпрымальнiкаў (пункт 1 артыкула 71, пункт 1 артыкула 158 i iнш.), замацоўваючы розны ўзровень гарантый доступу да культурных каштоўнасцей у залежнасцi ад формы ўласнасцi на iх (пункты 4, 6 артыкула 35, пункты 6, 7 артыкула 182 i iнш.), якi дае асобе, у прыватнай уласнасцi якой знаходзяцца культурныя каштоўнасцi, большую долю меркавання ў пытаннях забеспячэння такога доступу. Так, прадугледжваецца, што магчымасць доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей, якiя знаходзяцца ў прыватнай уласнасцi, умовы i парадак такога доступу (далучэння) вызначаюцца ўласнiкам або ўладальнiкам выключных правоў на культурныя каштоўнасцi, калi iншае не ўстаноўлена Кодэксам i iншымi заканадаўчымi актамi (пункт 6 артыкула 35 Кодэкса).
Такi падыход не супярэчыць частцы першай артыкула 51 Канстытуцыi, у сiлу якой права на ўдзел у культурным жыццi забяспечваецца ў тым лiку агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай i сусветнай культуры, якiя знаходзяцца ў дзяржаўных i грамадскiх фондах. У дадзенай канстытуцыйнай норме, якая абвяшчае агульнадаступнасць дзяржаўных грамадскiх фондаў, не замацаваны гарантыi доступу да культурных каштоўнасцей, якiя знаходзяцца ў прыватнай уласнасцi, што дапускае дыскрэцыю заканадаўца вызначаць асаблiвасцi доступу да такiх культурных каштоўнасцей, грунтуючыся на разумным балансе правоў уласнiкаў i iншых уладальнiкаў культурных каштоўнасцей i канстытуцыйна гарантуемых правоў iншых асоб у сферы культуры.
6. Кодэксам дапускаецца абмежаванне некаторых правоў i свабод у сферы культуры, у тым лiку правоў на ажыццяўленне культурнай дзейнасцi ў цэлым (пункт 1 артыкула 81), яе асобных напрамкаў, напрыклад, такiх як правядзенне культурных мерапрыемстваў (пункт 6 артыкула 209); рэалiзацыя ўласнiкам (карыстальнiкам) матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, землекарыстальнiкам, на зямельным участку якога размешчана дадзеная каштоўнасць, правамоцтваў у дачыненнi да яе (артыкул 75); ажыццяўленне дзейнасцi, якая стварае пагрозу захаванню нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, яе навакольнаму асяроддзю ў межах зон аховы i ўмовам iх зместу i выкарыстання (пункт 4 артыкула 105, пункты 1, 2 артыкула 108, пункт 12 артыкула 164); доступ да культурных каштоўнасцей (пункты 5, 6 артыкула 35, пункты 10, 11 артыкула 150, пункты 6, 7 артыкула 182 i iнш.).
На падставе аналiзу ўстанаўлiваемых Кодэксам выпадкаў абмежавання правоў i свабод Канстытуцыйны Суд лiчыць, што забарона, абмежаванне або прыпыненне культурнай дзейнасцi, калi яна накiравана супраць суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь, заклiкае да гвалтоўнага захопу дзяржаўнай улады або змянення канстытуцыйнага ладу, уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, прапагандуе вайну, экстрэмiсцкую дзейнасць i да т.п. (пункт 1 артыкула 81 Кодэкса), адпавядаюць палажэнням Канстытуцыi аб абароне Рэспублiкай Беларусь сваёй незалежнасцi i тэрытарыяльнай цэласнасцi, канстытуцыйнага ладу, забеспячэннi законнасцi i правапарадку (частка трэцяя артыкула 1), аб дапушчальнасцi абмежавання правоў i свабод асобы ў iнтарэсах нацыянальнай бяспекi, грамадскага парадку, абароны маралi, здароўя насельнiцтва, правоў i свабод iншых асоб (частка першая артыкула 23). Палажэннi Кодэкса, што забараняюць дзейнасць або рэалiзацыю правамоцтваў уладальнiкамi правоў на гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, заклiканы садзейнiчаць захаванню аб'ектаў культурнай спадчыны, якiя абгрунтавана з'яўляюцца ў сiлу сваёй унiкальнасцi аб'ектамi асобага прававога рэгулявання i дзяржаўнай аховы, што адпавядае артыкулам 15 i 54 Канстытуцыi, у сiлу якiх дзяржава адказная за захаванне гiсторыка-культурнай i духоўнай спадчыны, кожны абавязаны берагчы гiсторыка-культурную, духоўную спадчыну i iншыя нацыянальныя каштоўнасцi.
Ацэньваючы ўстанаўлiваемае прававое рэгуляванне адносiн, звязаных з культурнай дзейнасцю, у такiм вiдзе нарматыўнага прававога акта, як кодэкс, Канстытуцыйны Суд зыходзiць з таго, што кадыфiкацыя ўяўляе сабой найбольш эфектыўны вiд сiстэматызацыi нарматыўных прававых актаў, якая суправаджаецца перапрацоўкай устаноўленага iмi зместу прававога рэгулявання шляхам аб'яднання iх у адзiны нарматыўны прававы акт, якi змяшчае сiстэматызаваны пераказ прававых прадпiсанняў. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд пацвярджае сваю прававую пазiцыю, выказаную ў Пасланнi "Аб стане канстытуцыйнай законнасцi ў Рэспублiцы Беларусь ў 2010 годзе", згодна з якой прыняцце кадыфiкаванага нарматыўнага прававога акта з'яўляецца апраўданым у тым выпадку, калi яно забяспечвае больш поўнае i якаснае рэгуляванне грамадскiх адносiн, што выключае неабходнасць прыняцця значнай колькасцi падзаконных нарматыўных прававых актаў.
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што заканадаўцам улiчана ў Кодэксе прававая пазiцыя Канстытуцыйнага Суда, выказаная iм пры ацэнцы канстытуцыйнасцi Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь" адносна неабходнасцi ўзгаднення норм аб прымусовым спыненнi права ўласнасцi на безгаспадарча ўтрымлiваемыя культурныя каштоўнасцi з нормамi Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь.
Аналiз Кодэкса ў цэлым дазваляе зрабiць вывад аб яго накiраванасцi на фармiраванне прававога механiзма сiстэмнага комплекснага рэгулявання грамадскiх адносiн, якiя ўзнiкаюць у сферы культуры.
Кодэкс прыняты Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасцi з пунктам 2 часткi першай артыкула 97 Канстытуцыi, адобраны Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi з пунктам 1 часткi першай артыкула 98 Канстытуцыi. Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь пры прыняццi Кодэкса дзейнiчалi ў межах кампетэнцыi, прадугледжанай артыкуламi 97 - 100 Канстытуцыi.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзiць да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта i парадку прыняцця Кодэкс адпавядае Канстытуцыi.
Кiруючыся часткамi першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, артыкуламi 103 - 105 Закона Рэспублiкi Беларусь "О конституционном судопроизводстве", Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь
вырашыў:
1. Прызнаць Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб культуры адпавядаючым Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.
2. Рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
3. Апублiкаваць рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi.
Старшынствуючы -
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь
П.П.Мiклашэвiч



База данных актуализирована по состоянию на 14.02.2020

Исправлена ошибка, из-за которой не отображались изображения.

Политика конфиденциальности